узяць лыжку гною і лыжку мёду
на кілаграм мірнага неба
моцна збоўтаць
і раздаваць бясплатна
на новы год і вялікдзень
іншыя сьвяты таксама пасуюць
паказаць сытае жыцьцё
забраць сытае жыцьцё
потым вярнуць
але з папраўкамі ў законах
пасадзіць дырэктараў цукровых заводаў
выпусьціць дырэктараў хлебазаводаў
у дзень незалежнасьці
на ўсебеларускім фуршэце
падняцца пад пладова-ягадны гімн
і выпіць за соль нацыі
чыста сімвалічна
бо колькі той солі
колькі той нацыі
затое глядзіце колькі свабоды
хочаш – памірай ад сораму
на чыстых праспектах
хочаш – не памірай
вось ты бачу чымсьці незадаволены
а табе бачу вельмі весела
паверце гэта ненадоўга
тут наогул ня варта звыкаць
хоць да нечага
як казаў класік:
гэтая краіна
забівае нават без гераіна