Стань роўна. Ногі злёгку расстаўленыя, для размінкі можаш
пакруціць галавой. Важна: толькі гарызантальна, прынамсі
ў нашай краіне. Спачатку направа, потым налева і яшчэ
раз. Або наадварот.
Н.
Кончыкам языка дакраніся да пярэдніх зубоў на самай мяжы
з паднябеннем. Гэта зычны, асцярожна, ён заўжды вымаўляецца
з чымсьці. Можа атрымацца НОЧ, вельмі чорны квадрат без фона, а адсюль
недалёка і да:
пачакай мяне хвілінку, я хачу трапіць
у твой рукаў, вышаптаць усю глухую цішыню; васьмігадовае дзіця, згвалтаванае
ў псіхіятрычнай лякарні, тэлефануе маме і гаворыць: яны сказалі, цяпер я
певень, цяпер я іхні пеўнічак, ты разумееш? Можна было б выйсці ў акно,
калі б гэта магло дапамагчы.
Трэцяя ўначы, я павінна была запісаць гэта, каб не будзіць вас,
каб не плакацца вам. НЕ. Асцярожна, можа атрымацца НЕШТА, або НЕ –
жахлівы крык, але ты зрабі гэта рашуча, давай:
Е,
каб язык не прырос да зубоў. А яшчэ гэта выклічнік,
ён можа выказаць самую дзікую радасць;
трэба звязаць яго з Н, каб не адваліўся. І хай толькі паспрабуюць адарваць яго,
хай толькі паспрабуюць разлучыць нас (сем пятнаццаць, я прачынаюся, каб праверыць, што ты тут і што дзверы замкнёныя,
як тыя мясціны і часы, дзе забівалі дзяцей вышэйшых за кола ад воза,
каб не вярнуліся помсціць за бацькаў і матак. Забівалі дзяцей, меншых
за падпоры ад ложка; трэба ўцякаць? Адкуль табе ведаць, калі пачнуць
страляць, адкуль табе ведаць, куды вяртацца і як не згубіцца?).
Вочы тоўстага Тадзіка з Волі, калі ён адразаў галовы кацянятам;
нас не было там толькі выпадкова.
КРОПКА. Каротка. Без ваганняў,
Што б гэта ні значыла.