чатыры тысячы няісных іерогліфаў –
гісторыя маёй трывогі,
маўчаннем выразаная па дрэве.
чатыры тысячы няісных іерогліфаў –
інсталяцыя маіх сноў
у музеі бяссоння:
кручуся на белых прасцінах старонак,
б’юся аб мяккія сцены вокладак,
плачу ў вузел утаймавальнай кашулі.
чатыры тысячы няісных іерогліфаў –
паэзія гвалту,
слоўнік надзеі.
колькі б галасоў
ні вучылі мяне гаварыць,
застаюся непісьменнай.