Лета на беразе Волі. Да ранку нямнога.
Стужачка сонца, а потым — яшчэ, і яшчэ.
Воля ня ловіцца ў рукі разьліку зямнога.
Хваля ня ловіцца ў рэкі, бо сонцам цячэ.
Хваля мацнее — і сьвет на вачах маладзее,
юны прачнуўся — і сьлёз не хавае стары,
сонца ўстае — і прыходзіць у горад надзея,
дзень надыходзіць — і страх пакідае двары.
Двор упадае ў завулак, завулак у вуліцу,
вуліца сквэрам, праспэктам і плошчам нясе
вестку, што самае чэрствае сэрца расчуліцца
і ў немагчымую праўду павераць усе.
Сонца прыходзіць да ўсіх, не пакрыўдзіць ніводнага, —
і ператворыцца кожны, каго ні вазьмі,
кволы заплаканы раб у героя свабоднага,
людзі ў народ, а народ — застанецца людзьмі.
Памяць герояў сьвятлом ахінаюць нябёсы —
сонечнай стужкай, гарачаю сьцежкай крыві.
Скрадзены голас вяртаецца ў хор шматгалосы.
Лета на беразе Волі. Бяры і плыві.