Аповесьць пра стары Харкаў
Аддзеленыя адна ад адной круглымі невысокімі пагоркамі, цяклі дзьве рэчкі. Абедзьве яны зарасьлі шорсткімі кіслымі травамі: чаротам, асакой, мячэўнікам ды аерам, увесну паводка вырывала цэлыя кавалкі прыбярэжнага грунту, зь якога тырчэла, як шчотка, карэньне чароту, і несла адарваныя астраўкі туды, дзе зьліваліся рэкі.
Недзе ў плёсах дзьвюх злучаных рэчак чаротавыя шматкі спыняліся на лета, абрасталі, утвараючы плаў, і на плаве гнязьдзіліся чорныя чаротніцы. Ціхія воды наўкола плаву зарасталі гарлачыкамі ды раскай, чаротніцы бегалі па гарлачыках, як па сухім, і тлусьцелі ад багатай пажывы.
Бліжэй да хуткай рачной плыні жылі падкаменкі-пляшанкі, тамсама ж выводзіліся і крыжанкі. Вялікія, мускулістыя шараватыя качкі пабойваліся белалобых пляшанак, і нават іхныя шызыя качары неахвотна ўступалі ў бой з падкаменкамі.
Дый было іх вобмаль. Шмат іх было на Данцы, у тых азёрах, што калісьці былі старыцай Данца, а цяпер толькі шырынёй плячэй сваіх паказвалі, якім у сівую даўніну быў Данец.
Па ўсім Данцы вадзіліся й гусі, шэрая буйная парода, лебедзяў жа не было бліжэй, чым у Лябяжым возеры, кілямэтраў за шэсьцьдзясят ад зьліцьця дзьвюх рэк, а незьлічона іх было ўжо далей – на Вароніным возеры, за сто сорак кілямэтраў.
Праўда, увесну і ўвосень лебедзяў было ўдосталь і на Вялікім Лімане, дый нават пеліканы заляталі туды.
Між дзьвюх рэчак на круглых пагорках раскінуўся лес, ён цягнуўся поруч зь імі ад Сярэднерускага ўзвышша й даходзіў на поўдзень да татарскіх рэчак Арэлі ды Самары. А на левых берагах, па пясках, згодна сваёй завядзёнцы, расьлі бары. У іх спыняліся падарожніцы-слонкі, вандруючы ў стэпы Прыкаўказьзя.
Хаця на дзьвюх рэках не было лебедзяў ды гусак, жыцьця было даволі. Размаітыя кулікі пахаджалі па калена ў багністых месцах рэчак. Бакасы хаваліся за купінамі. У сьвежазялёных прыкрытых вадой травах таіліся прамалётныя дубальты. Вароны гнязьдзіліся ў вадападзельным лесе. Варона, якая спрадвеку ля вады, хадзіла паўзь берагі або – вечная назіральніца – гадзінамі сядзела на вербавай галінцы, выглядаючы яйкі пляшанак ды яйкі крыжанак.
Чарнушкі маленькія, вялікія й чубатыя перагукаліся на глыбокіх азёрах наўпоблізь рэчак. Круглыя, сьветлыя й чыстыя азёры, яны потым былі названыя “макітрамі”, але тады рэчкі зрабіліся такімі неглыбокімі, што чарнушкі не маглі на іх жыць і перабраліся на Данец.
У паветры маячылі белыя крачкі, быццам пялёсткі аблокаў, адно што крык іхны быў надта ж зямны, яны вішчэлі, як крылатыя альбіносы, белыя з чырвонымі вачыма. Брунатнакрылыя чайкі-мартыны дрыготкай сеткай сядалі на падводную травіцу да дубальтаў, і дубальты, як прамыя стрэлы, ляцелі прэч ад назольных прыбышоў.
І
Быў задушлівы поўдзень. На плошчы нікога не было, апроч коннага гарадавога ў белых пальчатках (пешыя гарадавыя былі без пальчатак, і чырвоныя, як бурак, унтэрафіцэрскія лапы з чорнымі кіпцюрамі тырчэлі проста з чорнага рукава з чырвоным кантам). Гарадавы, выцягнуўшыся, сядзеў на добрым кані, ён быў нерухомы, і ўсё-ткі па плошчы клубіўся пыл.
Нейкія скавышы, тыя самыя, што спрадвеку былі вятрамі ў крутых гліністых ярах, недастаткова стрымліваліся “Гранд-атэлем”, капліцай і гарадавым на кані, уздымаючы над брукам залеглыя ў выбоінах пыльныя хмары.
Пах гэтага пылу быў кіслы й моцны. Кавуновыя коркі, бульбяное лушпіньне, супавыя зьліўкі, прамоклая, прасякнутая тытунём цыгарэтная папера, злоўленыя й задушаныя ў памыйным вядры дохлыя пацукі – усё гэта зьбівалася ў кожным двары ў высокую купу, палівалася мыльнай вадой і, абы-як аддзеленае ад дамоў трыма старэнькімі дошкамі, у ліпені высыхала.
Потым, рассыпаўшыся ў прах пад гарачым стэпавым сонцам, усё гэта на крылах ветру вылятала за дошкі, вымяталася з двара і зьбіралася ў западзінах пакладзенай на пясок брукаванкі. Пыл прапах усім жыцьцём Харкава і, удыхаючы яго, харкалі, чыхалі і хрыпелі мінакі.
Але мінакоў у гэты час на плошчы не было. Бо купец Пятро Іванавіч Дудкін, які мусіў праяжджаць па ёй неўзабаве, яшчэ сядзеў дома і піў гарбату, а рэпэтытар яго дзяцей, гімназіст Югурта, яшчэ не дайшоў да плошчы сьв. Сергія.
Купец Дудкін быў адным са старых гаспадароў Харкава і ў дадзены момант змагаўся за ўладу з купцом Вухавым ды вугальнымі магнатамі. Ён падтрымліваў сваім уплывам супраць лібэралаў часопіс “Джала” і ягонага рэдактара Гермеера. “Джала” выходзіла на паскуднай шэрай паперы, каштавала пятак, рэдактар Гермеер, з асноўнай прафэсіі ці то рэзьнік, ці то вышыбала ў публічным доме, не каштаваў Дудкіну нават пятака і сваімі магутнымі кулакамі сам бараніўся ад абражаных “Джалам” лібэралаў.
Гермеер не плаціў ганарараў. У яго быў адзін штатны карыкатурыст з тыпаграфскіх хлопчыкаў, які ніколі ня дбаў пра падабенства карыкатураў. Ён проста маляваў пяром маленькую фігурку зь велізарнай галавой, а пад малюнкам заўжды дэтальна падпісвалася, хто менавіта на ім выяўлены. Любы матэрыял пра лібэралаў, габрэеў, студэнтаў, прафэсараў неадкладна друкавалі, калі толькі ў ім было досыць сэнсацыйнай вастрыні.
Сам жа купец Дудкін быў сталбавым дваранінам з унівэрсытэцкай адукацыяй: ён быў з тых нешматлікіх памешчыкаў, якія ўвайшлі ў капіталізм не як пераможцы, а як хаўрусьнікі. Ужо накапіўшы мільёны, ён зноў перакінуўся да фэадалаў і быў стаўпом харкаўскай “чорнай сотні”.
Ён якраз апранаўся за шырмай. На ім ужо былі лакавыя штыблеты з гумовымі расьцяжнымі бакамі, ён хаваў задняе вушка штыблета пад калашыну сініх шавіётавых нагавіцаў, калі мякка прасьпяваў званок – гэта прыйшоў рэпэтытар яго дзяцей Югурта. З канапы ў суседнім пакоі паднялася жонка Дудкіна, высокая, тоўстая, чорная, неймаверна, надзвычайна кучаравая дама, трохі падобная да соннага баранчыка, і абняла Дудкіна пяшчотна: ён уткнуўся носам у ейны пульхны бюст.
– Жэнечка! – усхвалявана прамовіў Дудкін. – Гэта той юнак, рэпэтытар. Навошта ты ўстала? Доктар загадаў табе ляжаць!
Бісерныя вочкі Дудкіна з-пад чорных пасівелых броваў ласкава глядзелі на жонку. Яна пагладзіла яго па галоўцы й вярнулася на атаманку. Яна таксама пяшчотна кахала Дудкіна, далікатнага, асьвечанага, яе маленькага рыцара, але ў Югурту яна інстынктыўна адчувала штосьці такое, ад чаго ейныя кароткія ногі выцягваліся на атаманцы, і пальцы ў насках туфлікаў выпростваліся па лініі цела, ды лёгкая сутарга прайшла ёй па лытках. Яна заплюшчыла вочы. Дудкін, ня скончыўшы апранацца, накінуў аксамітны з рубчыкамі пінжак і выйшоў да Югурты. Малодшы ягоны сын, Жорж, вяртлявы, непаседлівы хлюст, на твары якога былі відаць толькі ноздры, вусны й бародаўкі, ужо сядзеў за сталом. Ён быў на два гады старэйшы за свайго рэпэтытара, але ніжэйшы ад яго на два класы гімназіі.
Пабачыўшы бацьку, Жорж іранічна ўсьміхнуўся, разгарнуў сіні сшытак і стаў нецярпліва выстукваць па ім пальцамі “Это девушки все обожают”. Югурта падняў вочы.
Ён зьдзіўлена, амаль з павагай глядзеў на Дудкіна. Вельмі цяжка было паверыць, што гэты тонкі, мяккі, ветлы чалавек – чарнасоценец, вылюдак, мільянэр, жмінда і клоўн. Югурта зьбянтэжыўся, згадаўшы, што яму казалі пра Дудкіна.
Дудкін адчуў гэта, пабачыўшы, як пальцы рэпэтытара бегаюць, складаючыся ў крыжы, у лаканічныя знакі лаакаонаўскай сілы разгубленасьці.
– Колькі вы хочаце за месяц, Югурта Карнэлевіч? – мякка прамовіў Дудкін. – Мне казалі пра вас толькі добрае. Спадзяюся, мы з вамі не пасварымся.
– О так! О так! – сказаў Югурта й канчаткова зьніякавеў; ён густа пачырванеў да самых каранёў раскудлачаных кудзераў.
– Вось бачыце, – сказаў Дудкін. – Сядайце, сядайце, галубчык, я таксама быў студэнтам, я сам… – ён панізіў голас – …я сам сацыяліст. Будучыя пакаленьні разьдзеляць маё багацьце, зрабіўшы мяне простым ягоным кіраўніком, ня болей!
– Я ня веру ў сацыялізм! – сказаў Югурта.
– Дарэмна, дарэмна, галубчык. Хрыстос таксама быў першым сацыялістам. Ён казаў…
– Я і ў Хрыста ня веру – панура пербіў Югурта й спалохаўся. Але сьветлы маленькі тварык Дудкіна не нахмурыўся. Ён ласкава папляскаў Югурту па плячы, Югурта разьмяк і сеў.
Дудкін выйшаў, бязгучна ступаючы па дыване. Югурта скоса зірнуў на Жоржа. Жорж стомлена пазяхнуў і стаў паказваць сшыткі. У сшытках характэрным мужчынскім почыркам былі неахайна выпісаны перакручаныя францускія словы, гнеўна перакрэсьленыя нэрвовай рукой настаўніка.
Дудкін зайшоў у гараж, дзе стаяў невялікі мэрсэдэс, перакінуўся словам з шафёрам Леанідам, непрыкметна нюхаючы паветра. Ён спраўдзіў узровень бэнзіну ў баку, нешта згадаў і лагодна кіўнуў галавой.
Потым ён зайшоў на стайню: кучар Трахім вывеў гнедага мэтыса; мэтыс натурыўся, яго расьпірала ад аўса, яго было б трэба прагнаць колькі кілямэтраў дыхтоўнай рысьсю. Але падкова на правай пярэдняй назе трохі адставала, і мільянэр перадумаў. Ён загадаў Трахіму тры дні не даваць гнедаму аўса й забраў з сабой ключы ад каморы.
Было цёпла і парна; Дудкін вырашыў прайсьціся бульварчыкам да Старамаскоўскай і паехаць конкай. Ён ішоў па бульвары: гэты бульвар таксама нічога не каштаваў гораду – яго пасадзіла суполка эстэтаў-гімназістаў Трэцяй гімназіі на сьвята, на якім Дудкін сказаў прамову пра значэньне эстэтыкі ў расійскім жыцьці. Таму бульвар быў няважны, і да яго падыходзіла памыйная яма ракі Харкаў. Аднак і кіслы пах застаялай вады не раздражняў Пятра Іванавіча: у самым смуродзе ён умеў адрозьніваць нейкія тонкія абэртоны, эфірныя пахі, якія былі толькі ў ягоным горадзе і нагадвалі яму, што ён – валадар. У гідкім паху гнілі толькі для тонкага носу раз-пораз усплывалі нечаканыя водары. Сёньня ён улавіў цень фіялак, ён нават усьміхнуўся, уцягваючы носам паветра.
Ён выйшаў на Старамаскоўскую каля казармаў Пензенскага палка. У пярэстай будцы седзячы спаў днявальны. Доўгі драўляны ходнік быў зьвечара пакрыты шкарлупіньнем, сухім і звонкім на ліпеньскім сонцы. Раптам пахнула сьвежым лёгкім струменчыкам – гэта гаспадыня, прачыніўшы фортку, выплеснула на магістральную вуліцу зь вядра: кавуновыя скуркі, каробкі папяросаў “Кальфа”; цэлы вывадак патопленых кацянятаў, на хвілю бліснуўшы ў паветры вясёлкай, упаў на брукаванку ў карунках мыльнай пены. Фортка імгненна зачынілася і зноўку зелянела, спакойная ды сонная, нібы й не адчынялася дваццаць год.
Пятро Іванавіч, спрытна ўратаваўшыся ад памыяў, падбег і сеў на конку. Адкрыты вагончык зьмяшчаў восем жоўтых садовых лавак, паабапал яго былі дзьве доўгія дошкі, абабітыя па краях каваным жалезам, па дошцы хадзіў кандуктар і прадаваў квіткі.
Дудкін стаў на пярэднюю пляцоўку. Конкавы кучар сядзеў на роварным сядле, надзетым на жалезную палку, доўгая пуга, як ліст асакі, вырастаў з двух жалезных кольцаў, кучар драмаў, бо мясьціны былі роўныя, пара коней бегла цяжкай конкавай кульгавай рысьсю, стукаючы падкаванымі капытамі па рэйках.
Раптам з прыступкі на поўным хаду саскочыў студэнт Лаўкс, высокі прыгожы бляндын у шэрай кашулі пад тужуркай. Яму было трэба ў шахматную кавярню. Пятро Іванавіч пачаў быў крычаць штось пра парушэньне правілаў, але якраз падходзіў паганяты з парай дапаможных коней, каб цягнуць вагончык на ўзгорак да Мікалаеўскай плошчы, і Пятро Іванавіч заглядзеўся на паганятага.
Паганяты быў кудлаты, у меру п’яны малец у чамарцы; замест форменнай фуражкі на ім быў чарназаляпаны блін, што ледзьве прыкрываў кароткую патыліцу. У левай руцэ ён трымаў ворчык ад пастронкаў на пару коней з жалезным крукам, які на хаду заправіў у кольца на перадку вагона; у правай ён меў такую самую даўгую пугу, як і кучар. Ён скочыў на прыступку і адразу ж стаў хвастаць пугай, кучар хвастаў сваёй, абодва крычалі, і Дудкін не безь цікавасьці заўважыў, што паганяты біў толькі караньнікоў, а кучар – толькі коней паганятага. Пугі ляскалі, спляталіся на конскіх сьпінах, і вагончык млявай рысьсю ўзьбіраўся на плошчу.
На плошчы нешта абарвалася. Ці то кучар трохі мацней гукнуў на коней, са скрыпам накручваючы жалезны ланцуг тормаза, які гвалтам спыняў заежджаных, скалечаных клячаў на кожным прыпынку, ці то крыху гучней зьвякнуў званок конкі або рэйка грамчэй загаласіла на павароце, але папруга каня, на якім сядзеў конны гарадавы, падалася і трэснула якраз у тым месцы, дзе сёдзельнік тыдзень таму зашываў яе дудкінскімі ніткамі. Папруга трэснула, задрамалы гарадавы, абапершыся на левае стрэмя, плаўна перакуліўся ўніз галавой пад конскае чэрава. Напужаны такім манэўрам начальства, расперты ад аўса ды люцэрны конь памчаў па плошчы. Гарадавы ў ботах бутэлькамі, у шпорах і белых пальчатках ляжаў на купістым бруку.
Зьлезшы з ровара, сьлесар Васіль Хаміч Адвекаў спыніў каня і прывязаў яго да ліхтара. Потым ізноў сеў на ровар і паехаў па брукаванцы далей, у кірунку парку, дзе меліся адбыцца гонкі на роварах.
Ён ехаў ня хутка: брукаванка, быццам сьпіна згнілага кракадзіла, сама, без загадаў гарадзкога начальства, не дазваляла хуткага руху. Брук гэты нагадваў таксама абвал у каўкаскай рэчцы: круглыя камяні вытыркаліся зь яго, нібы гарэхі ў шакаладзе, гной зьбіраўся ў ейных выемках; паабапал кракадзілавай сьпіны ляжалі два высахлыя струмені густой пылішчы, зь якой тырчэлі шчоткі ды салома, занесеныя туды пасьлядажджавой паводкай. Адвекаў ехаў так павольна, што Дудкін пазнаў яго блакітныя вочы й сінія вусы. У вітальні жандарскага ўпраўленьня ён сустрэў памочніка паліцмайстра Чвірку.
Памочнік паліцмайстра, круглы, безвалосы, бязбровы, безбароды муж, значыў у горадзе непараўнальна болей за самога паліцмайстра. Паліцмайстрам сёньня быў Бяссонаў, заўтра Краўзэ, пазаўтра нехта са сьпітых князёў Гагарыных, а памочнік Чвірка будзе заўжды і давеку. Дудкін коратка перамовіўся зь ім у прыёмнай жандарскага палкоўніка Верасава і ўвайшоў да самога палкоўніка.
Тымчасам Югурта ўжо напампоўваў шыны свайго ровара, калі ў сенцы выпадкова выйшла перабольшана чарнакудрая Жэнечка, дзябёлая сужаніца Дудкіна. У кватэры было пуста: Жорж пайшоў у гараж да шафёра Леаніда, і Жэнечка, спыніўшыся ў дзьвярах, стала часта і цяжка дыхаць. Раптам яна з гневам заўважыла, што дыханьне яе супадае з рытмам напампоўваньня шыны, яна кашлянула, Югурта падняў вочы, і вочы яго ўперыліся ў белы паясок з валансьенскіх карунак пад поўным бюстам Жэнечкі.
Югурта ветліва пакінуў шыну і выпрастаўся. Жэнечка зноў пачала цяжка і часта дыхаць, на імгненьне Югурту перадаліся нейкія нэрвовыя токі ейных жаданьняў, але ён не зразумеў іх і ветліва патлумачыў, што едзе на роварныя гонкі. Ён нават стаў падрабязна апавядаць пра спаборніцтвы, але Жэнечка раптам зрабілася халоднай і велічнай, як карункавая вітрына ў краме бялізны Альшванга. Югурта змоўк, зьніякавеў і выкаціўся з роварам у руках, грамыхнуўшы рулём аб дзьвярную ручку.
